Што новага ў “коласаўскім”?

Напэўна, усе жыхары Віцебска не адзін раз былі ў Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатры імя Якуба Коласа.

У рэпертуары спектаклі не толькі для дарослых, але і для дзяцей.

Нядаўна там распачаўся чарговы сезон. 12 верасня ён адкрыўся спектаклем “Несцерка”. Як нагадалі ў адміністрацыі тэатра, сёлета спектаклю ажно 80 гадоў. Яго прэм’ера адбылася незадоўга да пачатку Вялікай Айчыннай вайны – 18 мая 1941 года.

Ён лічыцца “візітнай карткай” творчага калектыву.

Галоўны герой – бедны чалавек, але вельмі вясёлы і знаходлівы, добры, які заўсёды гатовы прыйсці па дапамогу. Сюжэт камедыі  паводле матываў беларускіх народных казак. Ён уяўляе сабой шэраг займальных прыгод, якія здараюцца з галоўнымі персанажамі. Глядзець спектакль можна гледачам ва ўзросце з 12 гадоў.

Але галоўны юбілей сёлета ў тэатра – 21 лістапада — 95-годдзе! Дарослым у гонар гэтага  прапануюць паглядзець новы спектакль «Ціль», у якім галоўны персанаж, на першы погляд, звычайны  чалавек. Але не зусім просты. Ён дзесьці блазан, дзесьці герой…

Наконт спектакляў для дзятвы, выбар багаты быў, ёсць і будзе. У прыватнасці, маленькія і юныя гледачы могуць паглядзець: “Доктар Айбаліт”, “Кот у ботах”, “Папялушка”, “Прыгоды Дзюймовачкі”, “Снежная каралева” і іншыя.

Летась адбылася прэм’ера казкі “Усе мышы любяць сыр”. Галоўныя героі казкі — два вясёлыя мышаняты, Фружы і Шома. Яны маглі б сябраваць і гора не ведаць, але перад імі ўзнікае сур’ёзная перашкода: Фружы – белага колеру, а Шома — шэрага. Гэта розніца бачна ўсім, і асабліва – бацькам герояў, якія бясконца спрачаюцца адно з адным і са сваімі дзецьмі. Але да шчасця, на дапамогу мышанятам прыходзіць Ізольда, Вялікая Чараўніца-Кошка. У фінале гісторыі ўсё ўстае на свае месцы, і героі знаходзяць шчасце. Бо насамрэч колер не важны, а важна, што ўсе мышы, без выключэння, любяць сыр!

У тэатры праводзяць шмат гадоў фестываль школьных тэатраў. І плануюць працягнуць традыцыю. І ў тых, хто займаюцца ў гуртках самадзейнасці, ёсць магчымасць выступіць на сцэне, дзе працуюць прафесіяналы. Будзе цікавая магчымасць падрыхтавацца да выхаду ў акцёрскай грымёрцы, адчуць энергетыку тэатра, атрымаць вопыт, які можа спатрэбіцца пры паступленні ў навучальныя ўстановы, дзе можна атрымаць творчыя прафесіі. Хто ведае, мо ваш, наш аднакласнік ці аднакласніца  стануць “зоркамі”  тэатра і кіно? Мы, юныя карэспандэнты ў гэта верым! А чаргу ўзяць інтэрв’ю займайце за намі!

Абавязкова яшчэ раскажам пра тэатр, акцёраў, а таксама тых, хто не выходзіць на сцэну, але без іх функцыяніраванне тэатра немагчыма.


Головкова Ангелина,

учащаяся объединения по интересам «Юный корреспондент»

педагог Пукшанский Александр Яковлевич