Пара цудаў і чараўніцтва

Ужо зусім хутка жыхары ўсяго свету будуць адзначаць, бадай, самае галоўнае і самае любімае свята дарослых і дзяцей – Новы Год! Менавіта напярэдадні такіх святаў і дзецям, і дарослым хочацца верыць у цуды, акунуцца ў чароўны зімовы карагод дабрыні, цеплыні і радасці.

26 снежня гурткоўцы аб’яднання “Юныя фалькларысты” і іх бацькі наведалі па-сапраўднаму навагоднюю выставу “Дзядуля прыйшоў” у музеі гісторыі прыватнага калекцыянавання г. Віцебска. На выставе прадстаўлены шэраг фігур Дзядулі Мароза і Снягурак 50-80 гадоў 20-га стагоддзя, навагоднія паштоўкі і ёлачныя цацкі з прыватнай калекцыі Наталлі Кавалёвай.

Убачанае на выставе па-сапраўднаму ўражвае – столькі Дзядуль Марозаў у адным месцы вы нідзе не ўбачыце! Драўляныя, шкляныя, пластыкавыя, з матэрыялаў пілавання і пенапласту, такія розныя, але такія добрыя і чароўныя, яны вабяць сваёй прыжагосцю і непаўторнасцю!

Для наведвальнікаў выставы была праведзена цікавая экскурсія, прысутныя даведаліся, з якіх матэрыялаў і ў якой тэхніцы выраблены фігуры Дзядуляў Марозаў, дзе іх выкарыстоўвалі і захоўвалі. Захапленне і цікавасць як у дарослых, так і у дзяцей выклікаў аповед пра тое, як сустракаюць і называюць самага жаданага госця ў розных краінах свету: напрыклад, у ЗША – Санта Клаус, у Галандыі – Сінтэр Клаас, у Грузіі – Тоўліс Бабуа, у Італіі – Баббо Натале. Напрыканцы экскурсіі дзеці і іх бацькі атрымалі навагоднія прадказанні, і даведаліся, што іх чакае ў будучым годзе!

Усе наведвальнікі выставы, знаходзячыся ў асяроддзі такой колькасці зімовых чараўнікоў, загадалі жаданні. І канешне, яны абавязкова спраўдзяцца ў Новым 2022 годзе!

Мар’я Ерашэнка, педаго аб’яднання “Юныя фалькларысты”