ВЕЛІКОДНЫ ФЭСТ

Вялікдзень — гадавое веснавое свята. У нашых продкаў з гэтага свята пачынаўся новы каляндарны год. З прыняццем хрысціянства Вялікдзень атрымаў духоўны сэнс і ачышчальную моц, з’яўляючыся адным з самых радасных і ўрачыстых гадавых святаў. Аб’яднанне аматараў традыцыйнай культуры “Юныя фалькларысты” да свята Вялікадня пачало рыхтавацца загадзя – ужо напярэдадні Вербніцы гурткоўцамі арганізавана выстава малюнкаў “Велікодных фарбаў карагод”. А для вучняў і педагогаў ДУА “Гімназія №1 г. Віцебска імя Ж.І. Алфёрава” аматары традыцыйнай культуры правялі майстар-класы па вырабе велікодных сувеніраў.

Традыцыйна святкаванне Вялікадня на Беларусі не абмяжоўвалася адным днём, працягам быў паслявелікодны тыдзень.

25 красавіка гурткоўцы аб’яднання Соня і Аліса Садоўнікавы, Аліса Ландзянок, Ліза Раманенка, Маша Снігурова, Аня Клімянкова, Саміра Аўлукова зладзілі Велікодны фэст.

Задача аб’яднання-вывучэнне, захаванне і папулярызацыя беларускай традыцыйнай культуры, таму “Юныя фалькларысты” пазнаёмілі гасцей фэсту з сімволікай свята Вербніца, распавялі, чаму нашы продкі асвячалі галінкі вярбы на Вербніцу і якімі магічнымі здольнасцямі валодала гэтае ўлюблёнае продкамі дрэва. Вялікую цікавасць выклікаў аповед гурткоўцаў пра велікодныя традыцыі і звычаі беларусаў. Знаўцы традыцыйнай культуры адказалі на пытанні гасцей, растлумачылі, чаму менавіта яйка з’ўляецца сімвалам многіх святаў і абрадаў беларусаў, узгадалі гісторыю Вялікадня, распавялі пра велікодныя традыцыі, павер’і і звычаі беларусаў. Самым уважлівым слухачам быў прапанаваны велікодны бліц – эрудыты, якія адказалі правільна на пытанні атрымалі ўзнагароду.

Вялікдзень – любімае свята дарослых і дзяцей, яго было прынята сустракаць весела і ў добрым настроі, а таму для  самых актыўных удзельнікаў фэсту былі арганізаваны гульні ў біткі, кручэнне яек і многія іншыя забавы. Усе пераможцы былі ўзнагароджаны!

Вялікдзень — свята радасці, усмешак і прыемных падарункаў. Таму на велікодным фэсце працавалі 6 творчых майстэрняў, дзе госці сваімі рукамі зрабілі паштоўкі і сувеніры з беларускім каларытам.

Юныя фалькларысты выказваюць словы падзякі ўсім гасцям фэсту.

Чакаем вас на нашых святах! Далучайцеся і вывучайце традыцыйную культуру разам з намі!

Мар’я Ерашэнка, педагог аб’яднання “Юныя фалькларысты”.