14-15 красавіка 2026 г. у горадзе Пінску Брэсцкай вобласці прайшоў рэспубліканскі краязнаўчы форум педагагічных работнікаў ”Краязнаўства як аснова духоўнага і патрыятычнага выхавання дзяцей і моладзі“.
Мерапрыемствы першага дня форуму прайшлі на базе Палескага дзяржаўнага ўніверсітэту і ўключалі работу практычнай пляцоўкі ”Турысцка-краязнаўчы патэнцыял Пінскага раёна“, урачыстае адкрыццё форуму і выступленні ўдзельнікаў у рамках дзвюх пленарных сесій: ”Краязнаўства ў дзеянні“ і ”Рэгіянальны вопыт краязнаўчай дзейнасці“.
Праграма другога дня форуму рэалізавана на базе Народнага літаратурна-краязнаўчага музея Якуба Коласа ў в.Пінкавічы, дзе была арганізавана краязнаўчая лабараторыя ”Цэнтр дзяцей і моладзі – арганізатар турысцка-краязнаўчай дзейнасці ў Пінскім рэгіёне“, а таксама прадоўжылася прэзентацыя вопыту рэгіёнаў у галіне краязнаўства. Эфектыўны вопыт работы Віцебскай вобласці прэзентавалі Цітова Наталля Іванаўна, педагог дадатковай адукацыі Віцебскага гарадскога цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, якая засяродзіла ўвагу на ролі жанчын ў грамадзянска-патрыятычным выхаванні моладзі на прыкладзе дзейнасці Бруевай Ларысы Навумаўны, ветэрана пошуковай працы, і Нікіцінай Людмілы Канстанцінаўны, кіраўніка народнага комплекснага музея ”Гісторыя Заронаўскага краю“, Рандарэвіч Наталля Уладзіміраўна, настаўнік фізікі Крулеўшчынскай сярэдняй школы Докшыцкага раёна імя І.Ф.Ціткова, якая спынілася на асаблівасцях даследвання духоўнай спадчыны малой радзімы.
Вынікі работы падведзены ў выглядзе лабараторыі рашэнняў ”Перспектывы развіцця школьнага краязнаўства“. Дырэктар Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства Ануфровіч Алена Уладзіміраўна зрабіла акцэнт на неабходнасці ўключэння ў краязнаўчую дзейнасць як мага большай колькасці навучэнцаў і педагогаў, пашырэнні магчымасцей прэзентацыі краязнаўчых дасягненняў і адкрыццяў.
Краязнаўчы форум – гэта выдатная магчымасць падзяліцца сваім вопытам, набыць новыя ідэі для наступных даследванняў малой радзімы, арганізацыі работы з навучэнцамі з выкарыстаннем новых методык і тэхналогій.
Ясінская В.В., загадчык сектара
патрыятычнай і краязнаўчай работы




