Восень — не прычына сумаваць!

“У восень – пагод восем” — прыкмячалі нашы продкі. Але негледзячы на сюрпрызы надвор’я, восень — не прычына сумаваць! Менавіта пад такім дэвізам у суботу і нядзелю прайшлі заняткі аб’яднання “Юныя фалькларысты”.

Гурткоўцы пазнаёміліся са святам “Багач”, якое  прыпадае на 21 верасня. Дзеці даведаліся, як нашы продкі адзначалі галоўнае свята збору ўраджаю, чаму кожны жыхар вёскі павінен быў прымаць удзел у абрадзе, і навошта лубок са свечкай (багач) прыносілі ў кожны дом. Гурткоўцы пазнаёміліся з прыкметамі і павер’ямі, звязанымі са святам Багача.

Адным з восеньскіх святаў, якое выклікала цікавасць у гурткоўцаў,  стала свята беларускага народнага каляндара – Узвіжанне, святкаванне якога прыпадае штогод на 27 верасня. Назва свята невыпадковая – беларусы здаўна лічылі, што да свята Узвіжання “Усе павінна было здвінута”, а калі дакладней – усе работы па збору ўраджаю павінны быць  скончаны. Узвіжанне з даўніх часоў ў нашых продкаў было святам закрывання зямлі на зіму, калі ўсе жывёлы  і птушкі пачыналі рыхтавацца да халодных дзён. Гурткоўцы пазнаеміліся з цікавай легендай пра вужынага караля, даведаліся, адкуль пайшлі буслы і чаму 27  верасня  нашы продкі прытрымліваліся забароны не хадзіць у лес, не пазычаць нічога ў гэты дзень і не пачынаць важныя справы.

Для падтрымання добрага настрою гурткоўцы зрабілі  кампазіцыі, якія сваімі яркімі фарбамі скрасяць восеньскія дзянькі.

Мар’я Ерашэнка,
педагог аб’яднання “Юныя фалькларысты”