Карагод восеньскіх святаў

Восень шчодрая не толькі на ўраджай, але і на святы. Гурткоўцы аб’яднання “Юныя фалькларысты” працягваюць гартаць беларускі народны каляндар і знаёмяцца са святамі і абрадамі, што прыпадаюць на кастрычнік – дзясяты месяц года. Дзеці пазнаёміліся з гісторыяй назвы месяца, пагутарылі аб тым, якія сельскагаспадарчыя работы завяршалі апошнія восеньскія падрыхтаванні да зімы. Пазнаёміліся з цікавымі прыказкамі пра працу і іх аналагамі на рускай мове.

Цікавым новаўвядзеннем аб’яднання стала міні-спаборніцтва “Скорагаворкі для ўдасканальвання тваёй гаворкі”- удзельнікамі аб’яднання было вырашана, што на пачатку  кожнага занятку ўдзельнікі аб’яднання будуць браць удзел у вымаўленні беларускіх скорагаворак, тым самым удасканальваць сваё маўленне на роднай мове.

Вывучаючы святы і абрады нашых продкаў немагчыма абмінуць вывучэнне сучаснай культуры, бо гісторыя і сучаснасць цесна знітаваны. А таму “Юныя фалькларысты” пазнаёміліся з гісторыяй свята, якое ў Беларусі традыцыйна адзначаецца ў першую нядзелю кастрычніка — Дзень настаўніка. Гурткоўцы пагутарылі аб тым, якое месца займае прафесія настаўніка ў сучасным  грамадстве, бо настаўнік здаўна быў вельмі паважаным чалавекам. Дзеці паразважвалі, якімі якасцямі павінен валодаць сучасны настаўнік, і  чаму гэта гераічная прафесія штодзень патрабуе велізарнага цярпення і сіл.

І канешне, Дзень настаўніка – гэта цудоўная нагода для таго, каб лішні раз падзякаваць сваім педагогам не толькі за атрыманыя веды, але і за тое, што настаўнік штодзень паказвае прыклад годнасці і сумлення будучым пакаленням.

Юныя фалькларысты зрабілі для  сваіх настаўнікаў святочныя паштоўкі з беларускім каларытам, якія напоўнены прыемнымі і цёплымі пажаданнямі на роднай мове. Таксама гурткоўцы ўласнымі рукамі зрабілі серыю тэматычных паштовак “Восеньскі калейдаскоп”.

“Юныя фалькларысты” віншуюць усіх, хто звязаў сваё жыццё з прафесіяй настаўніка. Няхай гэта свята запомніцца нашым педагогам вясёлымі і цікавымі момантамі, шчырымі віншаваннямі і пажаданнямі! Жадаем вам поспехаў у вашай нялёгкай справе!

Мар’я Ерашэнка,
педагог аб’яднання “Юныя фалькларысты”