Абярэгавая лялька для любімай матулі

З даўніх часоў нашы продкі ведалі, як прыцягнуць у дом багацце і дабрабыт, адагнаць ад сябе бяду. Для гэтага выкарыстоўваліся сакрэтныя лялькі-абярэгі, зробленыя сваімі рукамі. Гэта былі не проста цацкі, а сапраўдныя магічныя талісманы, якія выконвалі пэўныя функцыі.

Абярэгавую ляльку для сваіх матуль да Дня маці зрабілі ўласнымі рукамі юныя фалькларысты. Але перад тым, як пачаць вырабляць ляльку, гурткоўцы пазнаёміліся з пералікам правілаў па  яе вырабе. Напрыклад, рабіць такую ляльку можна было толькі ў добрым настроі, з чыстымі рукамі і думкамі, а  абавязковай  умовай было не выкарыстоўваць пры вырабе ніякіх колюча-рэжучых прадметаў — усе кавалачкі тканіны рвалі рукамі, а потым замацоўвалі ніткай чырвонага колеру.

Берагіня-Матухна – традыцыйная лялька, якая ўвасабляе Багіню-Маці, жанчыну, якая аберагае сваіх дзяцей. Лялька з’яўляецца сімвалам мацярынства, таму яе дарылі жанчынам, у якіх ёсць дзеці, або тым дзяўчынам, якія нядаўна выйшлі замуж. На поясе яна трымае маленькіх дзетак-спавівашак. Нашы продкі лічылі, што гэта лялька засцерагае дзіця ад дрэннага ўздзеяння знешніх сіл, захоўвае здаровы сон, таму гэту ляльку змяшчалі ў ложак дзіця.

Берагіня-Матухна аберагае матулю і дзетак ад усіх бед і няшчасцяў. Гэта лялька падтрымлівае стваральны імпульс, дапамагае нараджэнню і развіццю ўсяго новага: бізнесу, любога праекта, ідэі, справы. 

Мар’я Ерашэнка, педагог аб’яднання “Юныя фалькларысты”