Прыгажосць і ўтульнасць беларускай хаты

Кожны чалавек павінен ведаць, дзе яго карані, як жылі яго дзяды і прадзеды, як і чым частавалі гасцей, якіх прытрымліваліся звычаяў і традыцый. Юныя фалькларысты пачалі знаёмства з традыцыйным беларускім жыллём. На занятку гурткоўцы даведаліся пра законы прадзедаў, што датычыліся месца і часу пабудавання, напрыклад: як выбраць добрых майстроў, каб хата прастаяла шмат год, чаму нарыхтоўвалі бярвенне для будучага жылля толькі зімой, з чым было звязана павер’е не будаваць хаты на месцах, дзе стаяла лазня або млын, і навошта чакалі свята Дабравешчання для закладання першага вянца.

Таксама гуткоўцы пазнаёміліся з планіроўкай хаты, даведаліся, чаму столь сімвалізавала свет продкаў, а падлога – свет жывых. Цікава, што ў нашых продкаў кожны куточак хаты меў сваю сімволіку і значэнне. Юныя фалькларысты ўзгадалі, якую ролю выконвала печ у жыцці беларусаў, чаму ў яе прысутнасці забаранялася сварыцца. А яшчэ гурткоўцы ўспомнілі пра галоўнага ахоўніка хатняга агменю – Дамавіка. Менавіта гэта істота дапамагала працавітай і клапатлівай сям’і, а вось калі гаспадары ленаваліся, не турбаваліся аб чысціні і парадку ў хаце, Дамавік мог нашкодзіць.

Не абыйшлі ўвагай і самае ганаровае месца ў хаце – Чырвоны кут, альбо покуць, які сімвалізаваў Божы свет. Пасядзець у Чырвоным куце лічылася за вялікі гонар, гэта месца ачышчала і ўзвышала чалавека. На святы нашы продкі збіраліся за святочным сталом, які стаяў у Чырвоным куце.

Практычная частка занятку праведзена ў форме майстар-класа па вырабе хатняга абярэга. Удзельнікі аб’яднання стварылі стылізаваныя падкоўкі – абярэг, які спрадвеку вешалі над парогам перад уваходам у хату. Цікава, што падкову вешалі як і рожкамі ўніз — нібы арку, праз якую ў хату павінны ўвайсці шчасце, дабрабыт і радасць, так і рожкамі ўверх – у дадзеным выпадку падкова сімвалізавала дастатак у гаспадарцы. Пры вырабе абярэгу абавязкова выкарытоўвалі ільняныя ніткі, бо лічылася, што лён валодае ўласцівасцямі ўбіраць у сябе негатыўную энергетыку і хваробы.

Наперадзе юных фалькларыстаў чакае знаёмства з хатнімі гаспадарчымі прыстасаваннямі, посудам, мэбляй, тканымі вырабамі і іншымі цікавымі рэчамі нашых продкаў.

Мар’я Ерашэнка,
педагог аб’яднання “Юныя фалькларысты”