«Вандроўка з Драздовічам»

Крыніцы натхнення
Часцей за ўсё знаёмства з традыцыйнай народнай культурай, творчасцю нашых продкаў адбываецца пры наведванні тэматычных выстаў, музейных экспазіцый. Так адбылося і з навучэнцамі аб’яднання па інтарэсах ”Батык“. Гэтымі днямі яны паглядзелі выставу ”Легенды, паданні і казкі ў маляваных дыванах Віцебскага Паазер’я“ у дзяржаўнай установе ”Віцебскі абласны метадычны цэнтр народнай творчасці“. Прадстаўленыя творы літаратурна-мастацкай экспазіцыі ўразілі і захапілі юных мастакоў асаблівасцямі фантазійных сюжэтаў, гармоніяй раслінных матываў. Дзеці даведаліся, што дыванамі аздабляліся сцены над ложкам, а найбольш прывабныя ўваходзілі ў пасаг маладой дзяўчыны і выкарыстоўваліся перад вяселлем. Не здарма маляваныя дываны атрымалі ў народзе ласкавую назву – ”маляванкі“.

Велізарнае ўраджанне на навучэнцаў зрабіла карціна нашага земляка Язэпа Драздовіча ”Месяцовая ноч“. Гэта і стала штурхом для больш паглыбленнага знаёмства з творчасцю знакамітага мастака і вывучэння на занятках тэхнікі выканання маляваных дываноў. Так нарадзіўся творча-даследчы праект ”Вандроўка з Драздовічам“, падчас якога навучэнцы не толькі пазнаёміліся з іншымі творамі Я.Драздовіча, але і зрабілі асабістыя маляваныя кампазіцыі.

Гурткоўцы збіраюцца прадоўжыць працаваць у гэтым традыцыйным накірунку дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва: у творчых планах распрацоўка калектыўнай работы па тэме ”Дрэва жыцця“, арганізацыя выставы сваіх творчых работ на Глыбоччыне. радзіме мастака.

Такім чынам, маляванка з’явілася крыніцай натхнення творчаму калектыву і нагодай далейшага зберажэння і аднаўлення традыцый народнага мастацтва, выхавання павагі да малой радзімы.

І.Я.Макарава, загадчык сектарам выяўленчага
і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва