Праз родную мову да традыцыйнай культуры, праз традыцыйную культуру-да роднай мовы

Жывое ў вяках беларускае слова – Народа душа і народа хвала. Алесь Бачыла

Кожны народ 21 лютага адзначае Міжнародны дзень роднай мовы. Сёння ў свеце налічваецца больш за сем тысяч моў, палова з іх знаходзіцца пад пагрозай знікнення. Штомесяц у свеце знікаюць прыблізна дзве мовы. Ніколі мовы не знікалі так хутка, як у 21 стагоддзі…

Пpыгoжae гyчaннe poднaгa cлoвa мы пaчынaeм ycпpымaць з мaтчыныx пeceнь, цyдoўныx бeлapycкix кaзaк.    Беларуская мова з’яўляецца самай старажытнай сярод славянскіх моў.    Мала хто ведае, што наша родная мова займае другое месца па прыгажосці і мілагучнасці сярод усіх моў свету, саступіўшы італьянскай мове першае месца!

Мова — гэта тое, без чаго не можа жыць ніводны чалавек. Трэба любіць і шанаваць сваю родную мову, бо калі знікне мова — знікне і сам народ.

«Праз родную мову да традыцыйнай культуры, праз традыцыйную культуру- да роднай мовы». Менавіта пад такім дэвізам прайшло святкаванне дня роднай мовы ў аб’яднанні па інтарэсах «Юныя фалькларысты»

Гурткоўцы аб’яднання Ліза Раманенка, Соня і Аліса Садоўнікавы, Аліса Ландзянок, Маша Снігурова і Аня Клімянкова падрыхтавалі шэраг цікавых сюрпрызаў для гасцей свята на працягу ўсяго дня.

У фае ўвесь дзень гучалі мелодыі беларускіх народных песень, дэманстраваліся фільмы аб’яднання з цыкла «З крыніц спрадвечных», якія знаёмілі гасцей з беларускімі абрадамі і святамі нашых продкаў, адкрылі таямнічы свет беларускага арнаменту і нацыянальнага адзення.

Вельмі пяшчотнымі і праніклівымі былі відэавіншаванні, створаныя «Юнымі фалькларыстамі» і бацькамі- яны з вялікім задавальненнем, ахвотай і творчым падыходам далучыліся да святкавання дня роднай мовы!

Для гасцей свята была арганізавана выстава «Таямнічы свет беларускіх лялек, ці як нашы продкі стваралі шчасце ўласнымі рукамі» . Прадстаўленая калекцыя лялек выклікала цікавасць як у маленькіх наведвальнікаў свята, так і ў дарослых.

Цікавымі і займальнымі былі майстар-класы, аргананізаваныя творчымі майстэрнямі. У першай майстэрні гасцям было прапанавана вырабіць уласнымі рукамі паштоўку з беларускім каларытам-сімваламі беларускага арнаменту.

У другой творчай майстэрні і дзеткі і дарослыя прымалі ўдзел ў вырабе не проста птушачкі з паперы, а сапраўднага атрыбуту абраду заклікання вясны. Пры дапамозе такіх птушак-вястунак нашы продкі ў далёкай старажытнасці гукалі вясну – трэба было як мага вышэй павесіць птушачку на галінку дрэва, а яшчэ – загадаць жаданне, якое абавязкова спраўдзіцца вясной.

Ніводны госць, які прысутнічаў на свяце, не абыйшоў ўвагай творчую прастору «А якое ў цябе любімае слова на роднай мове?» Педагогі, дзеці, і супрацоўнікі палацу з задавальненнем прыгадвалі свае любімыя словы на беларускай мове. Неверагодная прыгажосць россыпу пяшчотных і мілагучных слоў: «матуля», «каханне», «радзіма» «сонейка» «калі ласка»…. Колькі чароўных слоў прагучала ў гэты дзень!

Усім гасцям свята былі ўручаны тэматычныя паштоўкі і памяткі – невялічкія парады для дарослых і дзяцей, як пачаць размаўляць на роднай мове. А зрабіць гэта можна была адразу — «Юныя фалькларысты» запрашалі ўсіх гасцей далучацца да акцыі «Размаўляй са мной- па беларуску!».

На свяце роднай мовы можна было не толькі ўдасканаліць свае маўленне, прымаючы ўдзел і спаборніцтвах па адгадванні загадак, крыжаванак, вымаўленні скорагаворак. Гасцям было прапанавана пры дапамозе беларускіх народных варожбаў, якімі карысталіся спрадвеку нашы продкі, даведацца, што іх чакае ў будучым!

Канешне, не абыйшлося без праектаў саміх гурткоўцаў аб’яднання. Гуртковец Соня Садоўнікава прадставіла гасцям свята свой праект «Падарожжа па краіне лялек». — цікавая казка, у якой  абярэгавыя лялькі ажылі і  падарожнічалі па розным мяцінам. І дарослыя і дзеці ўважліва, з вялікай цікавасцю слухалі казку. А самыя ўважлівыя атрымалі падарункі ад аўтара казкі за свае адказы на пытанні.

Як аказалася, вывучаць родную мову і традыцыйную культуру можна яшчэ і гуляючы – ў гэтым ўпэніліся госці этнакавярні «Гуляй па-беларуску». Для гасцей былі прапанаваны гульні «Беларускае даміно», «Адгадай слова». За кубачкам духмянай гарбаты і смачнага печыва, гуляючы і прыемна бавячы час, можна было праверыць сваю кемлівасць, даведацца пра значэннне розных беларускіх слоў.

Не былі пакінуты па-за ўвагай аматары сэлфі-спецыяльна для іх была арганізавана фотазона з топерамі, дзе можна было зрабіць яркія, файныя фотаздымкі!

22 лютага ў рамках святкавання дня роднай мовы ў бібліятэцы ААТ “Віцебскдрэў” для вучняў  6 класаў сярэдняй школы № 14 г.Віцебска быў праведзены інтэрактыўны занятак “Таямнічы свет беларускіх лялек”.  Усе прысутныя даведаліся пра шэраг асноўных правілаў, з якімі прыступалі да вырабу абярэгу, акрэслілі для сябе асноўныя моманты стварэння абярэгавых і гульнявых лялек. Таксама для гасцей свята была праведзена экскурсія, якая раскрыла таямніцы  лялек, прадстаўленых на выставе.

«Юныя фалькларысты» выказваюць словы падзякі ўсім, хто знайшоў час адзначыць гэта цудоўнае свята разам з намі! Спадзяёмся, што некага з вас мы натхнілі і падштурхнулі да таго, каб у вашай хаце і хаце вашых сяброў, сваякоў часцей гучала родная мова!

Са святам! Беражыце родную мову, размаўляйце па-беларуску!

Мар’я  Ерашэнка педагог аб’яднання па інтарэсах «Юныя фалькларысты»