V адкрытыя міжрэгіянальныя майстар-класы у Віцебскім рэгіёне

У межах рэалізацыі рэспубліканскага інавацыйнага праекта ”Укараненне мадэлі сеткавай арганізацыі дзейнасці суб’ектаў рэспубліканскага метадычнага кластара як умова фарміравання інавацыйнага адукацыйнага асяроддзя дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі“ і рэспубліканскага культурна-адукацыйнага праекта ”Беларускае народнае мастацтва і дзеці“ па ініцыятыве УА  “Нацыянальны цэнтр мастацкай творчасці дзяцей і моладзі” з 10 мая па 10 чэрвеня 2023 года ва ўстановах адукацыі краіны прайшлі V адкрытыя міжрэгіянальныя майстар-класы “Мастацкая рэканструкцыя і аднаўленне элементаў этнакультуры ў дзейнасці аб’яднанняў па інтарэсах фальклорнага і дэкаратыўна-прыкладнога кірункаў: вопыт і вынікі”.

Педагогі дадатковай адукацыі ўстаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі і агульнай сярэдняй адукацыі, аб’яднанні па інтарэсах народнай дэкаратыўна-прыкладной і фальклорнай творчасці Віцебскай вобласці прынялі актыўны ўдзел у міжрэгіянальных майстар-класах, якія далі магчымась пазнаёміцца з эфектыўнымі і прадуктыўнымі методыкамі і тэхналогіямі трансляцыі рэгіянальных культурных традыцый у адукацыйнай і творчай дзейнасці аб’яднанняў па інтарэсах народнай дэкаратыўна-прыкладной і фальклорнай (музычнай, тэатральнай, харэаграфічнай) творчасці.

Арганізацыя майстар-класаў ажыццяўлялася адпаведна ўмовам і графіку. У нашым рэгіёне старт V адкрытым міжрэгіянальным майстар-класам быў дадзены 18 мая 2023 г. у ДУДА “Палац дзяцей і моладзі г.Наваполацка”, дзе адбыліся майстар-классы “Традыцыйная лепка з гліны цацкі-свістулькі Полацкіх майстроў XVII-XVIII стст.” і “Асаблівасці выканання вясновых песень на Падвінне”, якія правялі педагогі-майстры Зелянская Кацярына Уладзіміраўна і Зачук Алена Георгіеўна.

Педагогі, прымаўшыя ўдзел у майстар-классах, пазнаёміліся з гісторыяй і асаблівасцямі развіцця глінянай цацкі-свістулькі XVII-XVIII стст., мелі магчымасць паспрабаваць праспяваць вясновыя песні: “Вісна на калочку” адметнай формай Полацкага канона, які ўнесены ў Спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА і “Вяліканька ідзець, а мне нечага надзець”, даведаліся аб асаблівасцях святкавання “Гуканне вясны” на Полаччыне і сталі ўдзельнікамі абрада “Юр’я” разам з узорным аматарскім фальклорным аб’яднаннем “Ажыначкі”.

Эстафету майстар-класаў падхапілі ў г.Орша, дзе 23 мая 2023 г. на базе этнаграфічнага музея “Млын” аб’ядналіся педагагічныя работнікі з г.Віцебска, аг.Крупак, г.Дуброўна, г.Талачына, г.Чашнікаў і г.Оршы. Навучэнцы ўзорнага фальклорнага калектыву “Сявенька” сярэдняй школы № 15 г.Барані разам з кіраўніком Шчэрбавай Вольгай Міхайлаўнай прадставілі абрад “Хрэсьбіны”. Метадыст сектара выяўленчай і дэкаратыўна-прыкладной творчасці Віцебскага абласнога палаца дзяцей і моладзі Сцяпанава Раіса Сяргееўна правяла майстар-клас “Рэгіянальныя традыцыі дэкарыравання вырабаў з тканіны ў тэхніцы “набойка”. Педагог дадатковай адукацыі студыі керамікі “Стэка” Аршанскага раённага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Ільіна Наталля Анатольеўна падрыхтавала майстар-клас па тэме “Народная кераміка Падняпроўя: незвычайныя гісторыі звычайнага посуду”. У рамках  праведзеных майстар-класаў удзельнікі:

даведаліся пра рэгіянальныя асаблівасці тэхнікі “набойка” на Віцебшчыне і, у тым ліку, Аршанскім рэгіёне, атрымалі навыкі работы са штампамі, засвоілі базавыя прыёмы набівання малюнка на тканіну, стварылі арыгінальныя работы ў тэхніцы “набойка”;

пазнаёміліся з гісторыяй і асаблівасцямі вырабу керамічнага посуду Беларусі, зрабілі збан-кувэрд, характэрны для рэгіёнаў Падняпроўя;

прынялі ўдзел у абрадзе ”Хрэсьбіны“, матэрыял па правядзенню якога быў сабраны і запісаны навучэнцамі ад жыхароў вёсак Клюшнікава, Згарда, Крапіўна Аршанскага раёна, прааналізаваны і адаптаваны да пастаноўкі.

26 мая 2023 года ў Бешанковіцкім раённым Цэнтры дзяцей і моладзі педагог дадатковай адукацыі Акуневіч Таццяна Геннадзьеўна правяла майстар-клас па тэме “Ткацтва паясоў. Тэхніка – запраўнае ткацтва”. Удзельнікі атрымалі пачатковыя веды па тэхналогіі пляцення на настольным ткацкім станку, складанню схемы па эскізе, пазнаёміліся з тэхнікай запраўкі ткацкага станка, прыстасаваннямі для ручнога ткацтва,  паслядоўнасцю пляцення пояса і актыўна прынялі ўдзел у стварэнні пояса. У ходзе правядзення майстар-класа, педагогамі абмяркоўвалася пытанне аб неабходнасці адраджэння і далучэння маладога пакалення да рэгіянальных традыцый і беларускай культуры.

Завяршэнне праграммы правядзення майстар-класаў адбылося ў гарадах Міёры і Полацк 30 мая 2023 г., дзе была прадэманстравана шырокая палітра трансляцыі культурных традыцый малой радзімы ў адукацыйнай і творчай дзейнасці аб’яднанняў па інтарэсах народнай дэкаратыўна-прыкладной і фальклорнай творчасці. Так ДУА “Палатоўская базавая школа Полацкага раёна” прадставіла інтэграваны майстар-клас “Прыдзі-прыдзі, вясна, да нас у таночак, прынясі нам сонца, прынясі нам кветак, каб звініць вяночак”. Усе жадаючыя, якія наведалі майстар-клас, прынялі ўдзел у рэканструкцыі фальклорнага абраду “Гуканне вясны”, пазнаёміліся са спецыфікай гульні на беларускай дудзе і навучыліся плесці паясы на дошчачках. Правялі майстар-клас Баева Валянціна Міхайлаўна і Жарнасек Сяргей Пятровіч, настаўнікі музыкі, Бондар Наталля Анатольеўна, намеснік дырэктара па асноўнай дзейнасці.

Майстар-клас “Асаблівасці стварэння брошкі-абярэга ў рэгіене Полацкага Паазер’я” правяла Лухверчык Вера Паўлаўна, педагог дадатковай адукацыі Полацкага раённага цэнтра дзяцей і моладзі, кіраўнік аб’яднання па інтарэсах “Школа юных рукадзельніц “Васіліна”. Яна звярнула ўвагу на рэгіянальныя асаблівасці вырабу лялькі-абярэга на тэрыторыі Паазер’я, у прыватнасці, на Палотчыне такія лялькі заўсёды рабіліся з ільняных нітак. Удзельнікі майстар-класа сваімі рукамі стварылі брошку-абярэг у выглядзе лялькі з ільняных нітак.

Майстар-клас “Адраджэнне нацыянальных традыцый у дэкаратыўна-прыкладным мастацтве Полацкага рэгіёна праз стварэнне кірамічнай кафлі” правяла Пупкоўская Алеся Мікалаеўна, педагог дадатковай адукацыі Полацкага раённага цэнтра дзяцей і моладзі, кіраўнік узорнай студыі сучаснай творчасці “Арт-дэкор”. Удзельнікамі майстар-класа была створана дэкаратыўная рама для люстэрка з асобных элементаў, вырабленых па матывах кафляў полацкіх археалагічных раскопак фондаў Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка.

На базе філіяла ГУДО “Міёрскі раённы Цэнтр дзяцей і моладзі” у г.Дзісна педагогам дадатковай адукацыі Балаш Аленай Фадзееўнай быў праведзены майстар-клас па тэме “Вялікая сіла мастацтва “дываны-маляванкі”, у якім прынялі ўдзел педагогі дадатковай адукацыі г.Міёры і г.п.Шаркаўшчына. Аснову майстар-класа склала практычная дзейнасць па азнаямленню і асваенню традыцыйных тэхналогій роспісу па тканіне “маляванка”. У выніку – педагогі прымянілі на практыцы тэарэтычныя сведкі, папоўнілі веды аб кантрасных каляровых спалучэннях, пазнаёміліся з новымі матэрыяламі для творчасці, самастойна зрабілі цікавыя  “дываны-маляванкі”.

Такім чынам, у Віцебскай вобласці было арганізавана і праведзена 10 разнастайных майстар-класаў (дадатак), якія прадэманстравалі вопыт трансляцыі рэгіянальных народных мастацкіх традыцый, актуальныя педагагічныя практыкі выхавання і творчага развіцця дзяцей і моладзі сродкамі традыцыйнага мастацтва беларусаў. Усяго ў рэгіянальных майстар-класах прынялі ўдзел звыш 250 педагогаў дадатковай адукацыі і настаўнікаў з 32 устаноў адукацыі вобласці.

Творчая праца ў рамках майстар-класаў была карыснай і дзейнаснай. Удзел у міжрэгіянальных майстар-класах – гэта выдатная магчымасць для педагогаў з розных гарадоў і раёнаў пазнаёміцца з рэгіянальнымі традыцыямі народнай культуры, вопытам работы педагогаў і творчых калектывах, атрымаць новую цікавую інфармацыю, засвоіць новыя спосабы творчай практычнай дзейнасці, што з’явіцца карысным здабыткам для ўдасканалення этнакультурных кампетэнцый удзельнікаў і паслужыць распаўсюджванню актуальных педагагічных практык выхавання і творчага развіцця дзяцей і моладзі сродкамі традыцыйнага мастацтва беларусаў.

Спасылкі на відэазапісы